ТАРФЯНЫ́Я МАШЫ́НЫ І КО́МПЛЕКСЫ,

машыны і іх комплексы для асушэння і падрыхтоўкі тарфяных радовішчаў да распрацоўкі, для здабычы, сушкі і ўборкі торфу. Да іх адносяць тарфяныя бункерныя камбайны, бункерныя ўборачныя машыны, валкавальнікі, дрэнажныя машыны, каналакапальнікі, карчавальныя машыны, прафілёўшчыкі, штабелявальныя машыны, экскаватары, фрэзеры, варушылкі, зборшчыкі і пагрузчыкі пнёў і інш.

Машыны і механізмы на стадыях асушэння і падрыхтоўкі радовішча да эксплуатацыі і здабычы торфу аб’ядноўваюцца ў комплексы — камплекты індывід. і камбінаваных машын, узаемазвязаных па прадукцыйнасці. Напр., комплекс машын для здабычы фрэзернага торфу ўключае: бункерныя машыны (МТФ-43А) у камплекце з фрэзерамі (МТФ-13, -17), варушылкамі (МТФ-22), валкавальнікамі (МТФ-ЗЗБ) і штабелявальнымі машынамі (МТФ-71). Замена тарфянога паліва вадкім і газападобным скараціла аб’ёмы здабычы торфу і зменшыла выкарыстанне Т.м. і к. Ствараюцца машыны для атрымання бытавога кавалкавага паліва з торфу і сумесей торфу з гаручымі адходамі вытв-сці, механізмаў і абсталявання для яго перапрацоўкі.

На Беларусі ў 1960—80-я г. Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання выпускаў штабелявальныя машыны, фрэзеры-валкавальнікі, тарфяныя гідраўл. пагрузчыкі і інш.; Мазырскі з-д меліярац. машын — каналакапальнікі, каналаачышчальнікі, карчавальнікі-збіральнікі; выпускае навясное абсталяванне карчавальніка, рыхліцеля і інш. Гл. таксама Тарфяная прамысловасць.

Б.​А.​Багатаў.

Тарфяныя машыны і комплексы: 1 — скрэперна-ўборачны агрэгат УМПФ-7; 2 — пнеўма-фрэзерны камбайн БПФ-2М; 3 — штабелявальная машына МТФ-71А (Гомельскі завод тарфянога машынабудавання).

т. 15, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)